ПРЫГАВО́Р СУДА́,
рашэнне, якое выносіцца судом па пытанні вінаватасці або невінаватасці абвінавачанага і аб прымяненні да яго пакарання. На Беларусі суды пастанаўляюць П.с. імем Рэспублікі Беларусь. П.с. павінен быць законны, матываваны, справядлівы і абгрунтаваны доказамі, што былі разгледжаны ў суд. пасяджэнні. Выносіцца судом у дарадчым пакоі пры захаванні тайны нарады суддзяў. П.с. можа быць абвінаваўчым або апраўдальным (калі не ўстаноўлена падзея злачынства або ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаюць прыкметы злачынства ці не даказаны яго ўдзел ва ўчыненні злачынства). П.с. складаецца з уводнай, апісальнай і рэзалютыўнай частак. П.с. піша адзін з суддзяў, якія прымалі ўдзел у яго пастанаўленні, падпісваецца ўсімі суддзямі. Суддзя, які застаўся пры асобнай думцы, таксама падпісвае П.с.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 13, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)